- 07 Февраля 2025
- Новости
Літаратурныя партрэты землякоў - Іван Паўлавіч Мележ
Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 года, у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна, Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Хойніках у 1938 годзе працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола. У 1939 годзе паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але з першага курса быў прызваны ў войска. Пасля ранення ў 1942 годзе быў адпраўлены ў тыл. У 1945 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ. Пазней вучыўся ў аспірантуры, выкладаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення Таварыства «СССР-Францыя». За творчую дзейнасць узнагароджаны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.
У 1972 годзе Івану Мележу было прысвоена ганаровае званне Народнага пісьменніка Беларусі.
Дэбютаваў у друку з вершамі ў 1938 годзе.
Першы расказ на беларускай мове «Сустрэча ў шпіталі» выйшаў у 1944 годзе.
Першы раман «Мінскі напрамак» выйшаў у 1950 годзе.
Аднак, у першую чаргу Іван Мележ вядомы кожнаму беларусу цыклам раманаў «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1976).
«Палеская хроніка» - глыбокае філасофска-мастацкае асэнсаванне жыцця беларускага народа на вельмі важным гістарычным этапе, якое стала нацыянальнай эпапеяй у айчыннай літаратуры.
