ЛЕТАПІСЕЦ ПАЛЕСКАЙ ЗЯМЛІ: 105-ГОДДЗЕ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ІВАНА МЕЛЕЖА

ЛЕТАПІСЕЦ ПАЛЕСКАЙ ЗЯМЛІ: 105-ГОДДЗЕ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ІВАНА МЕЛЕЖА

Да 105-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа, ў Хойніцкім раёне прайшоў шэраг мерапрыемстваў:

- супрацоўнікі ДУК «Хойніцкая цэнтральная раённая бібліятэка» падрыхтавалі віртуальную выставу «Летапісец народнага лесу», размешчаную на афіцыйным сайце бібліятэкі ў раздзеле Рэсурсы;

- з нагоды памятнай даты, прымеркаванай да 105-годдзя з дня нараджэння найзнакамітнейшага пісьменніка Палесся, з 27 студзеня па 8 лютага 2026 года, цэнтральная бібліятэка арганізавала анлайн-віктарыну «Па старонках жыцця Івана Мележа». Удзельнікі мелі магчымасць праверыць свае веды пра жыццё і творчасць беларускага класіка, адказваючы на пытанні, якія публікаваліся на афіцыйных старонках бібліятэкі ў сацыяльных сетках. Усе жадаючыя маглі далучыцца да віктарыны, пакідаючы свае адказы ў каментарах пад публікацыямі. Па выніках віктарыны найбольш актыўныя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны памятнымі прызамі.

- у гонар 105-га дня нараджэння пісьменніка быў запушчаны літаратурны марафон чытання «Давайце Мележа чытаць», які падоўжыўся з 27 студзеня па 10 лютага 2026 года. Для ўдзелу неабходна было выбраць твор, прачытаць яго з асалодай, зрабіць яркае фота ці запісаць відэа і даслаць матэрыялы на электронную пошту арганізатараў. Хойнікская цэнтральная раённая бібліятэка, ініцыятар марафону, адзначыла значную колькасць удзельнікаў.

- таксама на базе Хойніцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі дзейнічала кніжная выстава, прысвечаная гадавіне народнага пісьменніка Беларусі – Івана Паўлавіча Мележа. Экспазіцыя пад назвай «Я нарадзіўся і вырас у Палессі ... » дазволіла чытачам паглыбіцца ў творчасць аднаго з найбольш знакавых беларускіх літаратараў, чыё жыццё і мастацкая спадчына неадрыўна звязаны з родным Палессем.

- 7 лютага на базе ДУК «Раённы дом культуры» прайшла літаратурна-музычная праграма «Пісьменнік. Зямляк. Чалавек», ганаровымі гасцямі якой сталі ўнук і зяць знакамітага Івана Паўлавіча, Іван і Барыс Семілетавы. Іван Барысавіч перадаў у дар Дому-музею Івана Мележа ўнікальныя матэрыялы – аблічбаваныя запісы голасу свайго вялікага дзеда.
У ліку ганаровых гасцей святочнай праграмы і вядомы беларускі пісьменнік, драматург, дэпутат, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Гаўрыловіч.

Гомельскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў узнагародзіла наш Хойніцкі раён памятным медалём Івана Мележа «За вернасць слову». Узнагарода, заснаваная да 105-годдзя пісьменніка, была ўручана намесніку старшыні райвыканкама Алене Клачковай Уладзімірам Гаўрылавічам.

- у аграгарадку Глінішча, на малой радзіме пісьменніка Івана Мележа, дзейнічае Дом-музей яго імя. Экскурсію для ўсіх жадаючых правяла загадчыца музея, Любоў Рубан.

- усе там жа, у жывапісным кутку беларускага Палесся –у Глінішчах – аддалі даніну памяці земляку, беларускаму пісьменніку, драматургу, публіцысту. Каля Дома-музея знакамітага аўтара прайшоў урачысты мітынг. Мясцовыя жыхары, прадстаўнікі працоўных калектываў Хойнікшчыны ўсклалі кветкі да бюста пісьменніка. Удзел у мерапрыемстве прынялі намеснік старшыні райвыканкама Алена Клачкова, беларускі пісьменнік, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Гаўрыловіч.

- у філіяле «Гарадская бібліятэка» таксама прайшла літаратурная гадзіна, прымеркаваная да гадавіны з дня нараджэння І.П. Мележа.